Беларуская Служба

Урад увёў пошліны на экспарт лесаматэрыялаў, каб не дапусціць дэфіцыту драўніны

27.12.2024 10:12
На шэраг лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі ўведзены пошліны на вываз з Беларусі за межы тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, вынікае з пастановы Савета міністраў № 1009 ад 24 снежня.
Ілюстрацыйнае фотаImage by Pexels from Pixabay/CC0

У дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 снежня, адзначаецца, што рашэнне прынята сярод іншага для «прадухілення дэфіцыту лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі».

Стаўка пошліны - 100 еўра за 1 кубаметр - будзе дзейнічаць да канца 2025 года.

У пастанове пералічана амаль 100 кодаў таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, якая адпавядае шырокаму спектру лесаматэрыялаў - ад паліўнай драўніны да апрацаваных дубовых паркетных брускоў.

8 сакавіка 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыла прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі з Беларусі. За тыдзень да гэтага ЕС увёў забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.

Крыніца: «Позірк»/юл