Беларуская Служба

Беларусь анансуе новыя рэйсы ў Расію, тым часам як іншыя авіякампаніі іх скарачаюць праз небяспеку палётаў

31.12.2024 16:16
Пасля крушэння самалёта «Азербайджанскіх авіяліній» у горадзе Актаў (Казахстан) ужо прынамсі пяць авіякампаній адмянілі больш за сотню рэйсаў у расійскія гарады і з іх.
Авіякампанія «Белавія» nashaniva.com

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што Беларусь плануе набыць новыя самалёты і расшырыць геаграфію палётаў у Расію.

«Попыт ёсць. Мы прадоўжым развіваць кітайскі кірунак, ён вельмі запатрабаваны. У распрацоўцы яшчэ адзін рэйс на Кітай, плануем запусціць таксама рэйс у Аман — гэта будзе ў асноўным турыстычны маршрут. Мяркую, будзем адкрываць новыя рэйсы і ў Расію ў новыя гарады, асабліва з надыходам цёплага сезону», — сказаў Раман Галоўчанка ў інтэрв'ю Беларускаму тэлебачанню.

На пытанне, ці з'явяцца новыя самалёты ў авіяпарку, беларускі прэм’ер адказаў:

«З'явяцца. Упэўнены, што ў наступным годзе вы іх пабачыце».

Пасля крушэння самалёта «Азербайджанскіх авіяліній» у горадзе Актаў (Казахстан) ужо прынамсі пяць авіякампаній адмянілі больш за сотню рэйсаў у расійскія гарады і з іх.

Тым часам беларуская авіякампанія Belavia працягвае ажыццяўляць рэйсы ў расійскія гарады, у якія замежныя авіякампаніі скасавалі або абмежавалі палёты. На сайце авіякампаніі Belavia па-ранейшаму прапануюць для продажу квіткі ў шэраг гарадоў Расіі — Маскву, Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, Жукоўскі, Казань, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Самару, Уфу.

svaboda.org/вх