Беларуская Служба

Экс-дэпутат і навуковец Алена Анісім цяпер працуе настаўніцай

03.01.2025 08:01
Былая старшыня ліквідаванага Таварыства беларускай мовы, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, былая супрацоўніца Акадэміі навук Беларусі больш за год не магла знайсці працу.
 .  .
Алена Анісім. Архіўнае фота.Наша Ніва/https://t.me/nashaniva

У 2023 годзе Алену Анісім затрымалі на працоўным месцы, а пасля прысудзілі 12 сутак арышту за «дробнае хуліганства». З-за рэзананснага затрымання яе звольнілі з Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Анісім расказала «Кулуарам», што цяпер працуе настаўніцай.

Без працы Алена Анісім была год і тры месяцы.

«Нямала чула такіх гісторый, калі людзі не могуць працаўладкавацца. Некаторыя ад безвыходнасці прымаюць рашэнне з’ехаць. Але мне куды ўжо ехаць? Тут дзеці, тут унучка, тут – усё. З большага ўсё нармальна цяпер»…

«Я спрабавала ўладкавацца ў розных месцах, але нічога не атрымлівалася. Пасля таго, як прайшоў год пасля затрымання, пайшла ў РАНА. Думаю, ну што мне ўжо губляць? І там напрамую запыталася, ці ёсць у іх актуальныя вакансіі настаўнікаў беларускай мовы. Высветлілася, што ёсць.

Я адкрыта распавяла пра сваю сітуацыю. Мне далі спіс школ з вакансіямі і сказалі, што рашэнне будзе за дырэктарам.

Я пайшла да дырэктара адной са школ. Яна кажа: так, мне патрэбныя людзі. Гэта была сярэдзіна жніўня. Мне трэба было ўзяць даведку з міліцыі пра тое, што яны да мне не маюць прэтэнзій. Карацей, 30 жніўня я аформілася, а 2 верасня ўжо выйшла на працу».

Алена Анісім кажа, што яе «адміністратыўка» за год была пагашаная.

«Зараз для працаўладкавання, асабліва калі ідзеш у дзяржаўныя структуры, трэба браць даведку, дзе пералічаны звесткі аб усіх правапарушэннях. Калі арганізацыя напрамую запытвае гэтыя даныя, то яны рыхтуюцца, здаецца, напрацягу месяца. А калі сам звяртаешся, то такую даведку выдаюць напрацягу 10 дзён. Каштуе гэтая папера палову базавай».

вх