Беларуская Служба

Мінімум 717 палітычных адміністрацыйных спраў было разгледжана на Віцебшчыне ў 2024 годзе

08.01.2025 16:21
Аднак лічба пацярпелых ад рэпрэсій грамадзянаў можа перавышаць 1 тыс. чалавек.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Fanni_2021

Ужо прайшло больш за чатыры гады з моманту прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў беларусаў, але лічба адміністрацыйных спраў за «экстрэмізм» (арт. 19.11 КААП) і за «несанкцыянаваныя» мітынгі і пікеты (арт. 24.23 КААП) не зніжаецца.

Так, за 2024 год судамі Віцебскай вобласці па дадзеных артыкулах было разгледжана 717 адміністрацыйных спраў. Пры гэтым, калі ў першым паўгоддзі разглядалася ў сярэднім 45 спраў у месяц, то ў другім паўгоддзі ў сярэднім было разгледжана ўжо 74 палітычна матываваныя спры. І гэта лічба мае тэндэнцыю да росту перад чарговымі лукашэнкаўскімі выбарамі.

Статыстыка 2024 года была падведзеная па адкрытых крыніцах - з раскладаў судоў вобласці. Але вядома, што тыя, каго судзілі проста ў ізалятарах, часта не траплялі ў судовы расклад. Таму цалкам імаверна, што колькасць адміністрацыйных спраў па палітычных артыкулах перавальвае за тысячу. А абласная міліцыя і пракуратура на бясконцых сходах і нарадах заяўляе, што трэба і ў 2025 годзе ўзмацняць барацьбу з іншадумствам ў рэгіёне.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск