Беларуская Служба

Прапаганда змаўчала пра зычэнне Пуціна Лукашэнку поспехаў на выбарах

20.01.2025 11:37
Прэс-службы беларускага і расійскага палітыкаў па-рознаму паведамілі пра іхную тэлефонную размову.
.
У. ПуцінPAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Крэмль раскрыў, што Уладзімір Пуцін пажадаў Аляксандру Лукашэнку поспехаў на выбарах, але беларуская прапаганда пра гэта змаўчала. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман растлумачыў «Белсату», чаму:

«Гэта з дыпламатыяй нічога супольнага не мае. Гэта ўмяшанне ў справы іншых краінаў. Бо калі ты зробіш такія заявы, ты парушаеш прынцыпы нейтральнасці і ты паказваеш сваё меркаванне. Так звычайна не робяць», – пракаментаваў «Белсату» гэтыя зычэнні поспехаў гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Паводле яго, Масква такім чынам паказала, на чыім баку яна стаіць, каго яна падтрымлівае і хто ёй патрэбны:

«Гэта робіцца вось так абсалютна адкрыта. Яны кажуць: «Нам патрэбны Лукашэнка, мы гэтага Лукашэнку падтрымліваем, гэта наш кандыдат».

Фрыдман растлумачыў, чаму беларуская прапаганда сціпла праігнаравала зычэнні галоўнага хаўрусніка Лукашэнкі. Аналітык мяркуе, што гэтым мэсіджам Крэмль даў зразумець, што ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і цалкам кантралюе краіну. Зычэнне Пуціна ў Мінску зразумелі гэтак жа, таму і змаўчалі.

Белсат/ав