Беларуская Служба

Еўрапарламент адмовіўся прызнаваць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі

22.01.2025 15:10
Дакумент падтрымалі 567 з 658 еўрадэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаванні, 25 выступілі супраць, 66 устрымаліся.
ЕўрапарламентPAP/Piotr Nowak

Еўрапейскі парламент на паседжанні 22 студзеня прыняў рэзалюцыю «Неабходнасць дзеянняў, скіраваных на барацьбу з працяглымі рэпрэсіямі і фальшывымі выбарамі ў Беларусі».

Дакумент падтрымалі 567 з 658 еўрадэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаванні, 25 выступілі супраць, 66 устрымаліся, паведамляе «Позірк».

Канчатковы тэкст рэзалюцыі пакуль не абнародаваны.

У апошнім праекце адзначалася, між іншым, што ЕП «адрынае легітымнасць будучых 26 студзеня 2025 года прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, называючы іх фікцыяй, закліканай умацаваць дыктатуру Лукашэнкі, і адмаўляецца прызнаць легітымнасць Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта».

Таксама ў дакуменце ЕП «падкрэслівае неабходнасць правядзення ўважлівага расследавання злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі супраць беларускага народа».

Еўрапарламент таксама «падкрэслівае сваю нязменную падтрымку дэмакратычных сіл па ўсёй Беларусі і заклікае да моцнага міжнароднага ціску, заклікаючы сусветную супольнасць ізаляваць рэжым Лукашэнкі і падтрымаць прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці як унутры краіны, так і ў выгнанні».

У дакуменце асуджаецца «гвалтоўная русіфікацыя беларускай культуры і гісторыі, разам з сістэматычным выключэннем беларускай мовы са школ і грамадскіх месцаў».

Дэпутаты ЕП таксама заклікалі «да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў»; «падкрэслівае важнасць супрацьстаяння зламысным дзеянням Лукашэнкі і Расіі, скіраваным на падрыў суверэнітэту і самабытнасці Беларусі».

аз

Еўрапарламент плануе прыняць рэзалюцыю па гэтак званых выбарах

19.01.2025 13:17
Чакаецца пазіцыя Еўрапарламента аб непрызнанні выбарамі таго фарсу, які арганізоўвае рэжым Лукашэнкі 26 студзеня, паведамляецца ў ТГ-канале Паўла Латушкі.