Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) заявіла, што падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд (ICC) на «беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі» ў дачыненні да журналістаў з боку Аляксандра Лукашэнкі.
RSF заклікала пракурора ICC Карыма Хана расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі ў дачыненні да журналістаў, якіх, па іх словах, «сістэматычна пераследуюць», паведамляе Свабода.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заявіла, што задакументавала адвольныя арышты амаль 400 журналістаў са жніўня 2020 году, пры гэтым 43 журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца ў турмах у Беларусі.
Рэпрэсіі з боку ўладаў прымусілі многіх беларускіх рэпарцёраў уцякаць у Польшчу і Літву, адзначае RSF, дадаючы, што «сама па сабе прымусовая высылка кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці».
Меркаваныя дзеянні ўладаў «відавочна ёсць злачынствам супраць чалавечнасці ў выглядзе пазбаўлення волі, пераследу і прымусовага перамяшчэння беларускіх журналістаў за іхную працу», гаворыцца ў заяве RSF.
У верасні Літва заявіла, што папрасіла Хана расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці падчас рэпрэсій супраць апанентаў Лукашэнкі. Офіс Хана праводзіць папярэднюю праверку, але адзначыў, што заява дзяржавы – сябра ICC не заўсёды прыводзіць да пачатку афіцыйнага расследавання.
26 студзеня 70-гадовы Лукашэнка балатуецца сёмы раз на прэзідэнцкую пасаду, якую ён утрымлівае шмат гадоў. Ён імкнецца падоўжыць сваё 30-гадовае знаходжанне ва ўладзе, задушыўшы ўсю апазіцыю ў краіне. Еўрапарламент заклікаў міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікаў выбараў.
«Выбарчы фарс, хутчэй за ўсё, пройдзе бесперашкодна, без супрацьвагі незалежных СМІ, забяспечыўшы перамогу Лукашэнкі над чатырма кандыдатамі-марыянеткамі», — адзначае RSF.
Свабода/ав