Беларуская Служба

Дэпартацыя з ЗША можа закрануць да 30 тысяч палякаў

24.01.2025 09:45
Людзі, якія падлягаюць дэпартацыі, могуць апынуцца незвычайнымі з пункту гледжання нашага ўяўлення аб тым, кім можа быць нелегальны імігрант.
            .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сядзіць у Авальным кабінеце пасля падпісання распараджэнняў Белага дома. EPA/YURI GRIPAS/PAP

«Нашы консулы мяркуюць, што можа быць да 30 тысяч палякаў па ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў», – адказала віцэ-міністр замежных спраў Генрыка Мосьціцка-Дэндзіс (Henryka Mościcka-Dendys) на пытанне, колькі палякаў можа закрануць магчымая дэпартацыя з ЗША. Яна адзначыла, што міністэрства спрабуе зрабіць дакладную ацэнку.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск абвясціў у аўторак, што звярнуўся да кіраўніка МЗС Радаслава Сікорскага з просьбай рэкамендаваць польскім консульствам у ЗША быць гатовымі да магчымай дэпартацыі палякаў з ЗША ў сувязі з заявамі, зробленымі прэзідэнтам Дональдам Трампам.

«Мы заахвочваем нашых суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпартоў, атрымаць новыя дакументы. У ЗША мы ўстанаўліваем дадатковыя консульскія службы таксама па-за будынкамі консульстваў. Гэта варта зрабіць і для таго, каб мець магчымасць прагаласаваць на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Польшча», — напісаў ён на платформе Х. Сікорскі.

«У нас была такая дыскусія, мы хутчэй гаворым пра тысячы, а не пра дзясяткі тысяч», — сказаў у чацвер прэс-сакратар МЗС Павел Вроньскі.

«Спрабуем зрабіць максімальна дакладную ацэнку, мяркуем, што гэта максімум некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Польскія консулы мяркуюць, што ва ўсіх ЗША такіх людзей можа быць да 30 тысяч», — удакладніла ў пятніцу Мосціцка-Дэндзіс.

Яна дадала, што людзі, якія падлягаюць дэпартацыі, могуць быць «незвычайнымі з пункту гледжання нашага ўяўлення аб тым, кім можа быць нелегальны імігрант».

«Гэта вельмі часта палякі, якія ў 1990-я гады выехалі ў ЗША і не паклапаціліся аб урэгуляванні свайго міграцыйнага статусу», — адзначыла віцэ-міністр замежных спраў.

У панядзелак, адразу пасля прысягі, Трамп падпісаў некалькі распараджэнняў і дакументаў. Сярод іншага ён абвясціў надзвычайнае становішча на мяжы з Мексікай і змяніў дзеянне заканадаўства краіны, гэта значыць атрыманне грамадзянства па нараджэнні ў ЗША. Згодна з выдадзеным дакументам, гэты закон не будзе распаўсюджвацца на дзяцей нелегальных мігрантаў і асоб, якія знаходзяцца ў ЗША кароткі час, у тым ліку, напрыклад, па бязвізавым рэжыме.

Аднак федэральны суддзя ЗША заблакаваў указ прэзідэнта Дональда Трампа аб спыненні прадастаўлення амерыканскага грамадзянства дзецям, народжаным ад замежнікаў у ЗША. Падчас слуханняў у чацвер у Сіэтле акруговы суддзя ЗША Джон Кагенур выдаў часовы забаронны загад, які перашкаджае Трампу рэалізаваць яго ўказ, накіраваны на спыненне грамадзянства па праве нараджэння на тэрыторыі ЗША.

PAP/вх