Праверка свежасці булачкі, хлеба або круасана, што ў прастамоўі можна назваць мацаннем хлеба, не з'яўляецца нічым дрэнным, пры ўмове захавання адпаведных правілаў, - піша газета Fakt. У адваротным выпадку спажыўцы могуць сутыкнуцца з вялікай непрыемнасцю і нават штрафам у краме.
Як тлумачыць Fakt, нядаўна юрыст Марцін Крушэўскі, які набыў папулярнасць у інтэрнэце як карыстальнік TikTok з нікам «Prawo Marcina», злавіў пакупніка ў краме, які мацаў печыва голымі рукамі, без аднаразовых пальчатак, поліэтыленавага пакета ці сурвэткі.
«Прабачце, чаму вы дакранаецеся да гэтай булачкі голай рукой?» — спытаў абураны TikTok-ер. Жанчына сказала, што хацела толькі праверыць яе свежасць, а потым пакласці булачку на месца.
Марцін Крушэўскі звярнуўся да інтэрнэт-карыстальнікаў з заклікам не мацаць печыва, бо гэта супярэчыць законам. Ён таксама дадаў, што калі нехта робіць гэта голымі рукамі, трэба купіць памацаны хлеб ці булачку.
Юрыст назваў гігіенічныя меркаванні, бо памацаная булачка ці хлеб могуць стаць рассаднікам бактэрый. А па-другое, крама фармальна ўжо не можа прадаваць такім чынам «правераны» тавар.
Дакрананне да хлеба можа расцэньвацца як знішчэнне маёмасці, лічыць юрыст Марцін Крушэўскі.
У якасці падставы для свайго меркавання ён указаў на артыкул 1 Кодэкса аб правапарушэннях, у якім гаворыцца, што асобе, якая ўчыніла грамадска шкоднае дзеянне, забароненае заканадаўствам, пагражае арышт, абмежаванне волі, вымова, або штраф да 5 тысяч злотых (1190 еўра).
яс