Беларуская Служба

«Выбары не могуць лічыцца свабоднымі, калі яны праводзяцца ў атмасферы рэпрэсій». ЕС, Вялікабрытанія і яшчэ тры краіны выступілі з заявай

28.01.2025 09:05
На наступны дзень пасля галасавання Вялікабрытанія пашырыла свае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Ілюстрацыйнае фотаФота: Праваабаронцы за свабодныя выбары

Еўрапейскі Саюз, Аўстралійскі Саюз, Канада, Новая Зеландыя і Злучаныя Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі выступілі з сумеснай заявай па выніках сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня 2025 года. У заяве адзначаецца, што ўсе краіны асуджаюць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня і працяглыя парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца беларускім рэжымам.

«Ніякія выбары не могуць лічыцца свабоднымі, справядлівымі або адпавядаючымі міжнародным стандартам, калі яны праводзяцца ў атмасферы працяглых рэпрэсій, адзначаных прыгнётам грамадзянскай супольнасці, адвольнымі затрыманнямі і абмежаваннямі на сапраўдны ўдзел у палітыцы», — заяўляюць краіны.

На наступны дзень пасля галасавання Вялікабрытанія пашырыла свае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Адзначаецца, што гэта было зроблена ў каардынацыі з Канадай. Санкцыі ўведзеныя супраць старшыні ЦВК Ігара Карпенкі і кіраўніка ГУБАЗіК Андрэя Ананенкі, завода «Легмаш», канструктарскага бюро «Беспілотныя верталёты» і яшчэ шэрагу людзей і юрасоб.

«Нядаўна абвешчаныя санкцыі ўяўляюць сабой скаардынаваную шматбаковую спробу прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці», — тлумачыцца ў заяве.

Краіны звяртаюць увагу на тое, што рэжым запрасіў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе/Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека для назірання толькі за 10 дзён да выбараў, што перашкодзіла доступу БДІПЧ да ключавых этапаў выбарчага працэсу.

«Гэтыя дзеянні супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі і дэманструюць відавочнае жаданне пазбегнуць празрыстасці выбарчага працэсу».

Краіны, як адзначаецца ў заяве, асуджаюць жахлівыя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца рэжымам Лукашэнкі, і заклікаюць вызваліць больш за 1250 палітычных зняволеных, якія застаюцца несправядліва затрыманымі.

«Мы заклікаем Беларусь прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека і абавязацельстваў АБСЕ ва ўсіх адносінах, уключаючы аднаўленне адкрытай грамадзянскай супольнасці, каб стварыць умовы для правядзення новых выбараў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. Мы падтрымліваем беларускі народ і прызнаем яго права вызначаць уласную будучыню па-сапраўднаму свабодна і справядліва, без страху, прыгнёту і знешняга ўмяшання».

Напрыканцы заявы краіны адзначаюць, што яны працягнуць падтрымліваць імкненні беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

……