Беларуская Служба

Сярод палітзняволеных Беларусі — 36 замежнікаў

28.01.2025 15:45
Паводле палітычных матываў рэжым Лукашэнкі пераследуе не толькі беларусаў, але і грамадзян іншых краін.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock/ sakhorn

Нядаўняй рэзананснай справай замежніка з'яўляецца пераслед грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, якому прызначылі расстрэл, а праз тыдзень яго памілавалі і вызвалілі па абмене. У канцы чэрвеня 2024 года ўкраінскім уладам удалося вызваліць пяць палітвязняў сваёй дзяржавы з беларускіх месцаў несвабоды. 26 студзеня стала вядома, што Беларусь вызваліла грамадзянку ЗША Анастасію Нуфер, якая была за кратамі ў нашай краіне, але падрабязнасці яе пераследу невядомыя.

У беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Украіны, Японіі, Польшчы, Швецыі, ЗША, Расійскай Федэрацыі, Латвіі і Літвы, Арменіі, Казахстана і Узбекістана.

Па звестках Праваабарончага цэнтра «Вясна», у беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 36 палітзняволеных замежных грамадзян.

Агулам не меней за 75 замежнікаў зазналі палітычны пераслед у Беларусі пасля 2020 года. 

Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх пераследуюць замежнікаў, з'яўляюцца «агентурная дзейнасць» (арт. 358-1) і «шпіянаж» (арт. 358). У Беларусі з 2020 года паводле гэтых артыкулаў асудзілі не меней за 23 грамадзян іншых дзяржаў. Сярод іх — асуджаны да 12 гадоў зняволення за «шпіянаж» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр, якога пасля этапу па прысуду знайшлі памерлым у калоніі № 15.

Паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе асудзілі не менш за 19 замежнікаў. Сярод іх — грамадзянін Расіі Аляксандр Геджадзэ. Гэта адзіны палітвязень, якога ў судовым парадку перавялі ў Расію адбываць свой тэрмін.

Паводле дыфамацыйных артыкулаў — арт. 368 (абраза Лукашэнкі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожнасці, 367 (паклёп на Лукашэнку) КК — асудзілі не меней за 35 грамадзян іншых дзяржаў.

Паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акты тэрарызму) ў Беларусі асудзілі сем замежнікаў. Гэта грамадзяне Расійскай Федэрацыі Аляксей Кулікоў, Андрэй Паднябенны, украінцы Мікалай Швец, Сяргей і Павел Кабарчукі, Іван Ліхалат, немец Рыка Крыгер.

Таксама ў Беларусі выкарыстоўваецца завочнае асуджэнне замежнікаў. Так, 4 кастрычніка 2024 года завочна прызначылі 25 гадоў калоніі Мікалаю Швецу па «справе дыверсіі ў Мачулішчах».

вх