Беларуская Служба

Пад літоўска-беларускай мяжой знайшлі таемны тунэль

30.01.2025 13:55
У Шальчынінкайскім раёне літоўскія памежнікі знайшлі 25-метровы тунэль кантрабандыстаў.
     .
Выяўлены тунэль і яго месцазнаходжанне. Калаж LRT.lt

Супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT) знайшлі падземны тунэль даўжынёй каля 25 метраў недалёка ад мяжы з Беларуссю. Мяркуецца, што ён выкарыстоўваўся для перавозкі кантрабанды. Тунэль быў знойдзены каля вёскі Пашальчай, паведамляе партал LRT.lt.

Дарадца Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс пацвердзіў факт выяўлення тунэлю, аднак не раскрыў яго дакладнае месцазнаходжанне і акалічнасці выяўлення, толькі адзначыў, што першапачатковая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці.

«Паколькі распачатае дасудовае расследаванне, усе дэталі мы ўзгадняем з пракуратурай. Аднак у бліжэйшы час будзе апублікавана афіцыйную заяву з поўнай інфармацыяй», – паведаміў  Мішуціс.

Вёска Пашальчай, дзе быў знойдзены тунэль, адметная тым, што ў гэтым месцы праходзіць дзяржаўная мяжа Літвы з Беларуссю. Ад Беларусі вёску аддзяляе агароджа і вузкая рака Шальчэ. Частка вёскі, дзе быў знойдзены тунэль, знаходзіцца ў зоне дзяржаўнай аховы, а ўся вёска ўваходзіць у зону надзвычайнай сітуацыі, якая была аб'яўлена яшчэ ў 2021 годзе, калі ў Літву пачалі масава прыбываць нелегальныя мігранты.

Пасля ўсталявання фізічнага бар'ера – ахоўнага плота з калючым дротам – на мяжы з Беларуссю дзейнасць кантрабандыстаў ускладнілася, аднак злачынныя групы працягваюць шукаць новыя спосабы незаконных перавозак. Сярод іх метадаў — GPS-датчыкі, зашыфраваныя каналы сувязі і нават паветраныя шары для транспарціроўкі кантрабандных тавараў.

Кіраўнік VSAT Рустам Лубаеў падкрэсліў, што выкарыстанне шароў для кантрабанды скарачаецца, з пачатку гэтага года было перахоплена 20 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт.

Да снежня 2024 года памежнікі затрымалі больш за 1 мільён 224 тысячы пачкаў нелегальных цыгарэт. За той жа перыяд у 2023 годзе гэты паказчык складаў больш за 2 мільёны 495 тысяч пачкаў, а ў 2022 годзе са студзеня па 3 снежня было затрымана больш за 3 мільёны 289 тысяч пачкаў.

вх