Апошняе відэа ў ТікТок лукашэнкаўскі прапагандыст Уладзімір Паньчак-Шарамет выклаў у лістападзе 2024 года.
43-гадовы прапагандыст Уладзімір Паньчак-Шарамет родам з Львоўскай вобласці, аднак не жыве ва Украіне. Сам ён расказваў, што ён грамадзянін Польшчы, паведамляе «Наша ніва».
Ён быў госцем у эфірах беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА, дзе трансляваў антызаходнія і антыўкраінскія наратывы. Паньчака-Шарамета прадстаўлялі як блогера, які «20 гадоў жыве ў Лондане».
У тых жа інтэрв'ю Паньчак-Шарамет расказваў, што ён грамадзянін Польшчы і што сядзеў у польскай турме падчас кавіда.
«Калі вяртаўся з Украіны ў Польшчу, прынцыпова не надзяваў вось гэтую анучу (медыцынскую маску — НН). Польскі памежнік мяне скампраметаваў, завязалася перапалка, я яго ўзяў за кашулю і трошкі патрос. Яны мяне адпусцілі, жыў сабе спакойна. А пасля аказваецца, што яны правялі суд без мяне. У выніку далі 4 месяцы турмы».
Нядаўна блогер знік.
У тэлеграм-канале Уладзіміра Паньчака-Шарамета людзі паведамляюць, што яго арыштавалі ў Беларусі.
Па адной з версій, гаворка ідзе пра 130 артыкул Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), а ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Паводле іншых меркаванняў, яму закідаюць незаконнае выкарыстанне дронаў.
яс