Беларуская Служба

Старшыні мясцовых выканкамаў атрымалі права ўзгадняць кіраўнікоў арганізацый усіх форм уласнасці

22.02.2025 17:51
Чыноўнікі атрымліваюць права прызначаць кіраўнікоў нават прыватных прадпрыемстваў.
,  .
Выканкам, ілюстратыўнае фота.schuchin.gov.by

Старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў (абласнога падпарадкавання), атрымалі права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў арганізацый на даручанай тэрыторыі, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, вынікае з указа ад 21 лютага 2025 года № 74 «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў», паведамляе «Позірк».

У дакуменце гаворыцца, што яны будуць узгадняць кандыдатуры на пасады кіраўнікоў размешчаных на адпаведнай тэрыторыі арганізацый, філіялаў і іншых адасобленых падраздзяленняў арганізацый, а таксама намеснікаў кіраўнікоў арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці адпаведнага раёна і галоўных спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый.

Указаныя выканкамы таксама, згодна з указам, «узгадняюць прызначэнне і вызваленне ад пасад кіраўнікоў раённых, гарадскіх, раённых у горадзе тэрытарыяльных органаў дзяржаўных органаў (акрамя органаў дзяржаўнай бяспекі), ваеннага камісара горада, раёна».

Абласныя выканкамы «ўзгадняюць прызначэнне на пасады (вызваленне ад пасад) кіраўнікоў міжраённых тэрытарыяльных органаў дзяржаўных органаў (акрамя органаў дзяржаўнай бяспекі)».

На ўзгадненне даецца 10 працоўных дзён «з дня паступлення матэрыялаў».

Па запрашэнні старшыні выканкама на яго тэматычных пасяджэннях можа прысутнічаць пракурорскі работнік «з правам дарадчага голасу».

Старшыні выканкамаў таксама атрымалі права прыцягваць юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян да «выканання ўласнымі сіламі або за кошт уласных сродкаў работ па добраўпарадкаванні зямель агульнага карыстання, якія прылягаюць да прадастаўленых ім зямельных участкаў».

Указ уступае ў сілу з 1 сакавіка.

вх