Сітуацыя жанчын у зняволенні значна пагоршылася ў Беларусі пасля 2020 года. Палітычна матываваныя затрыманні прывялі да таго, што жанчыны сутыкаюцца з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання падчас як адміністратыўнага арышту, так і доўгатэрміновага зняволення пад варту або адбыцця пакарання ў калоніях. На гэтым акцэнтавалі ўвагу ў праваабарончым цэнтры «Вясна» ў каментары «Позірку» з нагоды Дня жанчын 8 сакавіка.
«Жанчыны-палітвязні церпяць дадатковы ціск: ім абмяжоўваюць ліставанне і перадачы, іх пазбаўляюць базавых правоў, ставяць на прафілактычны ўлік як “схільных да экстрэмізму”. Фіксуюцца катаванні, гендарна абумоўлены гвалт і пагрозы згвалтавання. Некаторых жанчын трымаюць у поўнай ізаляцыі месяцамі», — канстатавалі праваабаронцы.
У «Вясне» падкрэсліваюць, што шмат якія ўмовы ўтрымання — гэта менавіта гендарна абумоўлены гвалт: «Напрыклад, перапоўненыя камеры без доступу да цёплай вады і гігіенічных сродкаў, адсутнасць медыцынскай дапамогі, прымусовая нізкааплочваемая праца ў цяжкіх умовах, надгляд супрацоўнікамі-мужчынамі ва ўразлівых, у тым ліку інтымных сітуацыях».
«Гэта значыць, што жанчыны пакутуюць не толькі праз палітычны пераслед, але і проста праз тое, што яны жанчыны», — адзначаюць праваабаронцы.
Яны падкрэсліваюць, што дзякуючы намаганням «Вясны» і іншых абаронцаў правоў чалавека праблема гендарна абумоўленага гвалту супраць жанчын-палітзняволеных рэгулярна гучыць на розных міжнародных пляцоўках.
«З апошняга, напрыклад, 27 лютага Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын у дзявяты раз вынес рэкамендацыі Беларусі. Гэта адбываецца кожныя чатыры гады з моманту ратыфікацыі Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі супраць жанчын. І ў гэты раз камітэт выдзяліў адну з уразлівых групаў — жанчын у зняволенні. Датычна іх камітэт рэкамендуе прывесці ўмовы ўтрымання ў адпаведнасць міжнародным стандартам, забяспечыць ім права на абарону і прыватныя размовы з адвакатам, забараніць асабістыя вобшукі мужчынамі і іншыя практыкі, перагледзець крымінальныя справы тых жанчын, зняволенне якіх з’яўляецца пагрозай іх здароўю або жыццю, то бок паводле гуманітарных падставаў. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра жанчын-палітзняволеных, якія знаходзяцца ў гуманітарным спісе», — паведамілі «Позірку» ў «Вясне».
У арганізацыі канстатавалі, што, нягледзячы на патрабаванні як беларускага заканадаўства, так і міжнародных стандартаў правоў чалавека, беларускія ўлады не толькі не спыняюць гэтыя парушэнні, але і заахвочваюць безпакаранасць сілавікоў. «8 сакавіка важна не толькі казаць пра правы жанчын, але і патрабаваць іх абароны, асабліва для тых, хто сёння знаходзіцца за кратамі», — падкрэслілі праваабаронцы.
вх