Кіраўнікі дзяржаўных арганізацый атрымалі неафіцыйны дазвол прымаць на працу беларусаў, якія ў 2020 годзе паставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Пра гэта паведаміла крыніца BYPOL. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя, але, мяркуючы па ўсім, гэтае рашэнне рэжыму Лукашэнкі звязана з катастрафічным кадравым дэфіцытам, які адчуваюць многія галіны пасля масавых звальненняў «ненадзейных» спецыялістаў.
Пасля так званых «выбараў» 2020 года спецслужбы і «праваахоўныя органы» Беларусі актыўна выяўлялі не толькі ўдзельнікаў масавых пратэстаў, але і тых грамадзян, якія галасавалі і падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў. «Нелаяльных» беларусаў на працягу 2020–2023 гадоў звальнялі з дзяржаўных арганізацый і сілавых структур, а часта і асуджалі на рэальныя тэрміны зняволення па сфабрыкаваных артыкулах, нягледзячы на іх вопыт і веды. Звальнялі «спісамі», расцягваючы працэс у часе, каб не перарываць вытворчага працэсу і не парушаць нармальнага функцыянавання дзяржаўных органаў. Рэпрэсіі закранулі нават унікальных прафесіяналаў у сферы аховы здароўя і навукі.
Ціск аказваўся і на прыватныя кампаніі, дзе працавалі «экстрэмісты». У выніку, з-за пагроз праверак і штрафаў, кіраўнікі часта былі вымушаныя пазбаўляцца ад высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, у тым ліку медыкаў, навукоўцаў, інжынераў, спецыялістаў IT-сферы і настаўнікаў. Шмат хто з іх з'ехаў у суседнія краіны, у тым ліку ў Польшчу і Літву.
Паводле дадзеных тэлеканала Belsat, колькасць занятых у эканоміцы беларусаў паступова скарачаецца на працягу апошніх 10 гадоў. Асабліва гэты працэс паскорыўся пасля 2020 года, а ў 2023-м звальненняў у Беларусі было больш, чым працаўладкаванняў. Паводле адкрытых крыніц, у краіне назіраецца асаблівы дэфіцыт урачоў і медсясцёр, спецыялістаў вытворчасці і сельскай гаспадаркі.