Беларуская Служба

Вайсковы медык, які добра ведае ўкраінскі фронт, назваў важнейшыя напрамкі развіцця польскай арміі

09.03.2025 11:11
Важнай праблемай з’яўляюцца БПЛА, якія на вачах змяняюць выгляд фронту. 
 . .
Польскія салдаты. Ілюстрацыя.Фота: X/@Zelazna_Dywizja/St. kpr. Sławomir Kozioł

Вайна ва Украіне значна паскорыла інвестыцыі ў польскую армію, падобная тэндэнцыя назіраецца і ў іншых краінах Еўропы, але, безумоўна, Польшча з'яўляецца лідарам у гэтай галіне. Дам'ян Дуда (Damian Duda), афіцэр рэзерву і старшыня фонду «W Międzyczasie» (Між тым), адзначае, што не ўсе напрамкі развіцця польскай арміі адпавядаюць рэальным умовам і выклікам, звязаным з канфліктам ва Украіне.

Баявыя дзеянні ва Украіне, з-за геаграфічных асаблівасцяў, могуць нагадваць тыя, якія маглі б  адбыцца на тэрыторыі Польшчы. Сама вайна ва Украіне таксама даказала, што сучасны фронт, нягледзячы на хуткае развіццё тэхналогій, па-ранейшаму ў многіх аспектах нагадвае сутыкненні часоў дзвюх сусветных войнаў.

Дам'ян Дуда, які працуе на фронце ў якасці медыка з пачатку расійскага ўварвання, падкрэслівае, што адрозненні паміж кірункам развіцця Войска Польскага і рэальнымі ўмовамі сучаснага канфлікту бачныя, між іншым, у асабістай абароне вайскоўцаў. На ўкраінскім фронце, у адрозненне ад польскага войска, салдаты выкарыстоўваюць больш лёгкія бронекамізэлькі і імкнуцца ахапіць імі большую плошчу цела.

Чарговай важнай праблемай з’яўляюцца БПЛА, якія на вачах змяняюць выгляд фронту. Падчас баявых дзеянняў выкарыстоўваюцца машыны розных памераў, асаблівую пагрозу ўяўляюць малыя FPV-дроны, якія шырока прымяняюцца абодвума бакамі канфлікту.

Старшыня фонду «W Międzyczasie» лічыць, што адным з прыярытэтаў для польскай арміі павінна стаць набыццё вялікай колькасці дронаў розных тыпаў і забеспячэнне імі як мага большай колькасці вайскоўцаў:

- Наша армія яшчэ не ведае, як спраўляцца з FPV-дронамі, не гаворачы ўжо пра больш сучасныя. Наша развіццё ідзе ў напрамку магутных БПЛА – ударных, назіральных. Гэта добра, яны, канешне, павінны быць. Але на ўзроўні батальёну таксама патрэбныя іншыя дроны. Ва Украіне пехацінцы не выйдуць у поле, калі над імі не будзе знаходзіцца іх дрон. Такім чынам, ёсць яшчэ што рабіць.  

Акрамя таго, як адзначае польскі валанцёр, вайна ва Украіне разбіла міф аб канцы эры танкаў і звычайнай артылерыі.

У 2024 годзе выдаткі на абарону склалі ў Польшчы крыху менш за 4% ВУП, а план на 2025 год прадугледжвае 4,7%, што адпавядае суме ў 186 мільярдаў 600 мільёнаў злотых. Паводле заяў Міністэрства нацыянальнай абароны, у наступным годзе планаваныя выдаткі на абарону складуць не менш за 5% ВУП і намінальна перавысяць 200 мільярдаў злотых.

IAR/нг