Генеральнае консульства Расіі ў Гродне можа змяніць прапіску і пераехаць у будынак, які размешчаны па вуліцы Гараднічанскай, 40. Раней тут была сядзіба грамадскай адукацыйнай арганізацыі «Польска Мацеж школьна» і недзяржаўнага ліцэя імя Элізы Ажэшкі, паведамляе партал Wirtualna Białoruś са спасылкай на свае крыніцы.
Будынак арганізацыі быў пабудаваны на сродкі польскай дзяржавы.
Выданне публікуе здымак будынка, на якім можна ўбачыць элементы інфраструктуры, характэрныя для консульства, у прыватнасці, будку аховы на ўваходзе, плот і сістэму відэаназірання.
«Польска Мацеж школьна» працавала з 1995 года. Гэта была адна з найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі і адна з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце. Пры ёй быў грамадскі ліцэй для вывучэння польскай мовы, гісторыі і культуры. Колькасць вучняў даходзіла да 2100 чалавек у год, паведамляе «Еўрарадыё».
Акрамя таго, пры «Мацежы» працавала бібліятэка, універсітэт трэцяга ўзросту для пажылых людзей, клуб жанчын «Гараднянка» ды іншыя ініцыятывы. Арганізацыя праводзіла метадычныя канферэнцыі для настаўнікаў школ і дзіцячых садкоў, конкурсы для дзяцей і падлеткаў.
У 2021 годзе на хвалі ціску на грамадскія арганізацыі, у тым ліку аб'яднанні нацыянальных меншасцяў, «Мацеж» абвінавацілі ў незаконнай дзейнасці ў сферы адукацыі. А ў 2022 годзе ўвогуле ліквідавалі, налічыўшы ёй 300 тыс. рублёў штрафу і 500 тыс. рублёў нявыплачаных падаткаў.
вс