Пра пачатак з 21 сакавіка 2025 года стратэгічных кансультацый паміж урадам Вялікабрытаніі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі паведаміў «Позірку» галоўны дарадчык Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Паводле яго слоў, рашэнне аб гэтым было прынята па выніках сустрэчы Ціханоўскай 20 сакавіка з міністрам па справах Еўропы Вялікабрытаніі Стывенам Доці, інфармуе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Двухбаковыя кансультацыі «дазволяць наладзіць структураваны дыялог у трох ключавых сферах: палітыка і правы чалавека, культура і дыяспара, СМІ і супрацьдзеянне прапагандзе», сказаў Вячорка.
У плоскасці палітыкі і правоў чалавека акцэнт будзе зроблены на «сітуацыі з палітвязнямі, стратэгіі па іх вызваленні, транснацыянальных рэпрэсіях і дыпламатычнай ролі Вялікабрытаніі ў пытаннях, звязаных з сітуацыяй у Беларусі», адзначыў дарадца.
У сферы культуры і дыяспары, дадаў ён, плануецца сярод іншага абмяркоўваць пытанні адукацыі і падтрымкі беларусаў у выгнанні.
«Вынікі замарозкі ЗША фінансавання незалежных медыя, стратэгіі барацьбы з дэзінфармацыяй і большы ўплыў расійскай прапаганды ў Беларусі» стануць тэмамі ўзаемадзеяння ў трэцяй названай сферы, паведаміў Вячорка.
Ціханоўская, паводле яго слоў, на сустрэчы падкрэсліла важнасць доўгатэрміновай стратэгіі Вялікабрытаніі па Беларусі, якая «не толькі падтрымлівае дэмакратычныя сілы і медыя, але і процідзейнічае расійскаму ўплыву і ўзмацняе ціск на рэжым Лукашэнкі».
Вячорка падкрэсліў, што стратэгічныя кансультацыі «адкрываюць новы этап у супрацоўніцтве Вялікабрытаніі і Беларусі, пацвярджаючы непахісную падтрымку Лонданам правоў чалавека, дэмакратыі і бяспекі ў Еўропе».
Цяпер дзейнічаюць фарматы стратэгічнага дыялогу беларускіх дэмакратычных сіл з ЗША, стратэгічных кансультацый з Канадай і працы сумеснай кансультатыўнай групы з ЕС.
вс