Беларуская Служба

За пяць гадоў на Віцебшчыне праграмай перасялення беспрацоўных у сельскую мясцовасць скарысталіся 126 сем'яў

21.03.2025 19:11
Пры гэтым сельскае насельніцтва вобласці скарацілася больш чым на 20 тыс. чалавек.
.
Вёска. Ілюстрацыйны здымак majgot/pixabay.com/CC0 Public Domain

З 2020 па 2024 год у Віцебскай вобласці 126 сем'яў пераехалі ў сельскую мясцовасць з падтрымкай дзяржавы. У 2024 годзе такім чынам перасялілася 21 сям'я. Такія дадзеныя агучыла галоўны спецыяліст упраўлення занятасці насельніцтва Віцебскага аблвыканкама Наталля Захаранка.

Беспрацоўныя, якія пераязджаюць у сяло, могуць атрымаць падтрымку ў памеры 9-кротнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму — у лютым 2025 года гэта сума складала 4 028,76 рубля. Галоўная ўмова — працаўладкаванне на год і болей. Аднак колькасць ахвотных перабрацца ў вёску не расце. Асноўныя фактары, якія стрымліваюць - гэта адсутнасць аплатнай працы і развітай інфраструктуры.

За апошнія 5 гадоў у Віцебскай вобласці зніклі 42 сельгаспрадпрыемствы, у вёсках зачыняюцца дзіцячыя сады, школы, крамы. 47 сельскіх населеных пунктаў на Віцебшчыне афіцыйна спынілі сваё існаванне. А сельскае насельніцтва вобласці з 2020 года па 2023 год скарацілася на 20 тыс. 500 чалавек.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск