Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская выказалася пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ў палоне 1000 дзён

22.03.2025 12:22
26 чэрвеня 2022 года беларусы палка Каліноўскага трапілі ў пастку пад Лісічанскам. Іх камандзір, Іван «Брэст» Марчук, загінуў. Некалькі байцоў зніклі без вестак, а двое — трапілі ў расійскі палон.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц

«1000 дзён — гэта бясконца доўгі час у няволі. Менавіта столькі нашыя добраахвотнікі, Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, застаюцца ў расійскім палоне. Ні сябры, ні сем’і не ведаюць, у якіх умовах трымаюць беларусаў. Ці атрымліваюць яны ежу і ваду. Ці маюць магчымасць спаць без страху за жыццё. Ці ведаюць яны, што пра іх памятаюць, чакаюць… Адзінае, што вядома, гэта тэрмін, да якога Яна Дзюрбейку прысудзіў суд самаабвешчанай ДНР — 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У навінах пасля абмену палоннымі мы бачым, у якім стане вяртаюцца ўкраінскія вайскоўцы пасля жудасных умоваў у няволі. Гэтыя кадры цяжка глядзець і немагчыма забыць. Страшна нават уявіць, праз што праходзяць нашыя хлопцы, і які след – фізічны, псіхалагічны, эмацыйны — гэтыя катаванні пакідаюць на іх жыццях.

Мы сістэматычна падымаем пытанні ўключэння беларускіх добраахвотнікаў у спісы на абмены праз Міністэрства замежных справаў Украіны і Вярхоўную раду, і я вельмі спадзяюся, што хутка яны атрымаюць шанец на вяртанне», — гаворыцца ў паведамленні лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай.

 

вх