Беларуская Служба

Што можа чакаць Беларусь? З’явіліся некаторыя падрабязнасці сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна

23.03.2025 14:11
Адбылася прамая размова аб «лагічным завяршэнні паглыбленай інтэграцыі».
  .
Лукашэнка і Пуцін.Фота: Salma Bashir Motiwala / Shutterstock

Тэлеграм-канал «Беларуская выведка» са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што ўпершыню адбылася прамая размова аб перспектыўным «лагічным завяршэнні паглыбленай інтэграцыі». Размова сталася нечаканасцю для Лукашэнкі. Па сутнасці, Пуцін упершыню прадставіў канчатковы вынік саюзнага будаўніцтва.

Паводле інфармацыі крыніц, у беларускай дэлегацыі склалася ўстойлівае меркаванне, што Пуцін вырашыў скарыстацца тактыкай Трампа. Камандзе Лукашэнкі адкрыта сказалі, што «ў іх няма карт» і што працэс паглыбленай інтэграцыі павінен лагічна скончыцца пераходам ад саюзнага інтэграцыйнага працэсу ў федэратыўны.

Такім чынам, Крэмль упершыню заявіў сваё права на прымус Беларусі да ўваходжання ў Расійскую Федэрацыю шляхам трансфармавання Саюзнай Дзяржавы. Згадвалася, што будуць створаныя «асаблівыя» эканамічныя і палітычныя ўмовы. Гэты працэс стане мадэллю для былых савецкіх рэспублік.

У паведамленні адзначаецца: «Лукашэнка вярнуўся „чорным“. Ён выдатна разумее, што яго асабісты лёс у гісторыі незалежнасці Беларусі ўжо вырашаны Крамлём. Лукашэнка ўсё ж такі дабіўся свайго галоўнага тытула — першы і апошні прэзідэнт незалежнай Беларусі. Усе наступныя прэзідэнты-марыянеткі будуць прэзідэнтамі федэратыўнай саюзнай рэспублікі… У бліжэйшыя гады варта чакаць адпаведных палітычных рухаў, ініцыятыў і заяў з боку абодвух „братоў“».

нг