Беларуская Служба

Амаль 40 тысяч беларусаў пераехалі ў Польшчу за мінулы год

24.03.2025 10:27
За апошнія 5 гадоў колькасць беларусаў у Польшчы вырасла на 287 тысяч чалавек.
.
.фота: radyjo.net

У польскім электронным рэестры ўліку насельніцтва паявілася як мінімум 38 тысяч беларускіх імёнаў за 2024 год.

Галоўныя высновы даследавання, зробленага кракаўскім раённым дэпутатам Мікалаем Касеем (Mikołaj Kasiej), наступныя:

  • На пачатак 2025 года ў Польшчы было зарэгістравана 348 тысяч чалавек з беларускімі імёнамі, як з польскім грамадзянствам, так і без;
  • З 2024 года колькасць беларусаў у дзяржаўным рэестры імёнаў вырасла на 12%;
  • За апошнія пяць гадоў, з 2020 года, беларуская эміграцыя ў Польшчу павялічылася на 280 тысяч чалавек.

Аўтар даследавання прааналізаваў звесткі аб колькасці беларусаў у Польшчы на аснове ананімных звестак з базы дадзеных PESEL – дзяржаўнага рэестра ўліку насельніцтва. Частку імёнаў можна адназначна вызначыць як беларускія, напрыклад, Aliaksandr, Siarhei, Dzmitry. Уладальнікі гэтых імёнаў адразу траплялі ў спіс беларусаў.

Такія імёны, як Ivan, Ruslan ці Andrei, маглі належыць не толькі беларусам, але і ўкраінцам, і расіянам. У гэтым выпадку выкарыстоўвалася прапарцыйная сістэма.

Агульная колькасць беларускіх мужчынскіх імёнаў у Польшчы ацэньваецца ў 201 620 чалавек, беларусак - 147 026 чалавек. Такім чынам агульная колькасць беларусаў і беларусак у Польшчы можна ацаніць у 348,5 тысяч.

На пачатак 2020 году колькасць беларусаў у Польшчы складала 61,7 тысячы. Самы найбольшы рост быў адзначаны ў 2022 годзе, калі ў Польшчу перабраліся больш за 103 тысячы беларусаў. За апошнія 5 гадоў колькасць беларусаў у Польшчы вырасла на 287 тысяч чалавек.

паводле прэс-рэлізу Mikołaj Kasiej/ав