Тэлеграм-канал прарасійскай прапагандысткі Вольгі Бондаравай перастаў абнаўляцца 26 сакавіка. У сацсетках з’явілася паведамленне ад яе аднадумцаў, пасля выдаленае, што актывістку адправілі пад адміністрацыйны арышт на 13 сутак. Гэтую інфармацыю «Люстэрку» пацвердзілі ў судзе.
Вольга Бондарава актыўна піша ў сацсетках з 2020 года. У сваім тэлеграм-канале яна выкладвае публікацыі, скіраваныя супраць беларускай мовы, культуры і гісторыі, у падтрымку «рускага свету» і «традыцыйных каштоўнасцяў», час ад часу крытыкуе прадстаўнікоў улады, сілавых структур і прапаганды, з якімі ў яе разыходзяцца погляды.
Аднак тэлеграм-канал Бондаравай перастаў абнаўляцца 26 сакавіка. Як заўважыла «Наша Ніва», яе аднадумцы, што вядуць канал «Православное сопротивление Великой, Малой и Белой Руси», паведамілі пра арышт актывісткі на 13 сутак па адміністрацыйным артыкуле.
Пост быў апублікаваны 27 сакавіка ў 23.50, ужо праз 11 хвілін ён быў выдалены, аднак яго можна знайсці праз сэрвіс TGStat.
Люстэрка/ав