Беларуская Служба

На маёмасць Антаніны Канавалавай накладзены штраф

01.04.2025 16:58
Пасля ад'езду з Беларусі вызваленай палітзняволенай Антаніны Канавалавай на маёмасць, якая належала ёй, яе бацькам Ганне і Сяргею Канавалавым быў накладзены арышт.
Антаніна Канавалавакадр з відэа Альянса расследавальнікаў Беларусі

Пра тое, што адбылося, былая вязнярка паведаміла 1 красавіка ў эфіры «Звычайнай раніцы», паведамляе Позірк.

Паводле яе слоў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Сяргея Канавалава ў «тэрарыстычны спіс».

«Гэта проста, калі шчыра, нонсэнс для нас, таму што тата не быў затрыманы па адміністрацыйных артыкулах, на ім не было крымінальных спраў, толькі падазрэнні, а ён у тэрарыстычным спісе», — сказала Канавалава.

Некаторы час таму, паведаміла экс-палітвязынка, у доме яе бацькі правялі ператрус «з нагоды яго падазрэння ў тэрарызме ў Баранавічах».

Падставай для падазрэння, паводле яе слоў, стала тое, што мабільны тэлефон Канавалава быў у зоне, дзе адбыўся «падрыў чыгункі ў горадзе Баранавічы». Антаніна не ўдалася ў падрабязнасці, пра якую справу канкрэтна ідзе гаворка і калі менавіта быў ператрус.

«Гэта значыць, гэта ўжо даказальны факт таго, што ён можа быць датычны, і гэтага, у прынцыпе, дастаткова. Яшчэ знайсці якога-небудзь аператыўнага супрацоўніка, які яго вёў і які бачыў, — усё, справа ў прынцыпе ёсць. Вы можаце заехаць [у месцы пазбаўлення волі] ад 15 гадоў. <…> Маральны прэсінг маёй сям'і да гэтага часу не скончаны».

Антаніна Канавалава, якая была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, пакінула Беларусь у сярэдзіне сакавіка. Аб выхадзе на волю 36-гадовай жанчыны стала вядома 15 снежня 2024 года. Па дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», яна вызвалілася па памілаванні.

Позірк/ав