Беларуская Служба

Праваабаронцaм не падабаецца прапанова заснавання інстытута Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі

02.04.2025 17:21
У тым ліку, вядучыя праваабарончыя арганізацыі лічаць, што прапанаваная новая структура будзе выключна фармальнай і сімвалічнай.
Беларускі Хельсінкскі камітэтbe.wikipedia.org/wiki/Беларускі_Хельсінкскі_камітэт/скрыншот

З улікам сённяшніх умоў засноўваць інстытут Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі немэтазгодна і неэфектыўна, лічаць беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія выступілі з заявай наконт праекта, які запрапанавала Каардынацыйная рада.



У тым ліку, праваабаронцы лічаць, што прапанаваная новая структура будзе выключна фармальнай і сімвалічнай.

«У цяперашніх умовах Упаўнаважаны з такім шырокім фармальным мандатам на практыцы не будзе мець ніякіх дадатковых магчымасцяў у параўнанні са структурамі дэмакратычных сіл, праваабарончымі арганізацыямі і наяўнымі міжнароднымі механізмамі па Беларусі, таму дубляванне і перакрыжаванне іх функцый неапраўданае і неэфектыўнае», - лічаць заяўнікі.

Яны таксама крытыкуюць самую назву «Упаўнаважаны па правах грамадзян Беларусі, а не Упаўнаважаны па правах чалавека», што, паводле іх, у прынцыпе супярэчыць сутнасці і стандарту гэтага інстытута.

«Больш за тое, улічваючы высокую імавернасць прысваення Упаўнаважанаму «экстрэмісцкага» статусу, грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ўнутры краіны, будуць баяцца да яго звяртацца», - канстатуюць праваабаронцы.

Яны таксама падкрэсліваюць неабходнасць надаць больш увагі абароне правоў беларусаў, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі як у краінах ЕС, так і за яго межамі. У сувязі з гэтым лічаць мэтазгодным своечасова заснаваць спецыяльную пасаду ў структурах дэмакратычных сіл.

«Такі прадстаўнік дэмакратычных сіл, у тым ліку, мог бы мэтанакіравана працаваць з Упаўнаважанымі па правах чалавека краін знаходжання беларусаў у выгнанні»- лічаць аўтары заявы, якія звяртаючы таксама ўвагу на недастаткова прапрацаваны тэкст Палажэння.

Пад зваротам падпісаліся Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Прававая ініцыятыва, Беларускі дом правоў чалавека, Беларускі ПЭН, Human Constanta, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Lawtrend, Respect-Protect-Fulfill.

аз