Беларуская Служба

З рахунку, да якога доступ мела Анжаліка Мельнікава, знялі грошы

11.04.2025 09:19
Невядома ці Мельнікава сама гэта зрабіла.
Анжаліка Мельнікава Каардынацыйная рада/https://t.me/rada_vision

З рахунку фонду «Białoruś Liberty», заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы, паведаміла крыніца «Белсату» ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы. Дзе знаходзіцца сама Анжаліка Мельнікава па-ранейшаму невядома.

Паводле крыніцы «Белсату» ў МЗС Польшчы, грошы з рахунку фонду Анжалікі Мельнікавай знялі. Невядома ці Мельнікава сама гэта зрабіла. 

Як паведамлялася раней, на рахункі фонду «Białoruś Liberty», заснаванага Мельнікавай, былі пераведзеныя грошы для Каардынацыйнай рады і «Кіберпартызанаў». Для «Кіберпартызанаў» былі пераведзеныя некалькі дзясяткаў тысяч долараў, доступу да рахунку ў «Кіберпартызанаў» няма.

«Мы не можам дакладна сказаць, ці здымала Анжаліка нейкія грошы з рахунку фундацыі, бо не маем доступу да яго. Цяпер мы працуем над тым, каб атрымаць гэты доступ», сказала прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец.

«Мы не маем дачынення да гэтага фонду. Мы не ведаем, дзе, калі і якая сума была знятая, а таксама чые гэта былі грошы. У нас няма інфармацыі, якая магла б дапамагчы растлумачыць гэтыя пытанні. Таксама нам не паступала ніякай афіцыйнай інфармацыі ад праваахоўнікаў па гэтым пытанні», пракаментавала «Белсату» прэс-служба Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кіраўнік якога Павел Латушка кантактуе з польскімі праваахоўнікамі ў справе знікнення Мельнікавай.

З 9 красавіка старшынём Фонду «Białoruś Liberty» стаў Віталь Пацехін, былы вайсковец, якога ў Беларусі завочна асудзілі паводле абвінавачвання ў атацы дрона на базу АМАП.

Вядома, што 13 сакавіка з Google-акаўнту Мельнікавай былі спампаваныя файлы, звязаныя з ейнай дзейнасцю ў якасці спікеркі КР. 19 сакавіка ў гэты акаўнт заходзілі з беларускага IP-адрасу і з тэлефона Мельнікавай, якім яна карысталася для ўваходу ў акаўнт з пачатку працы спікеркай. Каардынацыйная Рада запэўнівае, што крытычных звестак там не было.

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла тры тыдні таму. Паводле польскіх праваахоўнікаў, яна пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага, паляцела ў Лондан. Расследаванне яе знікнення працягваецца.

яс