Беларуская Служба

Лукашэнка заявіў, што Беларусь прыме працоўных мігрантаў з Пакістана

11.04.2025 15:05
Беларусь і Пакістан дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду працоўных мігрантаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам.
Аўдыё

«Мы дамовіліся з вамі, што зробім усё для таго, каб нашы пакістанскія сябры, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя - жадаючыя змаглі прыехаць у Беларусь і працаваць тут. Мы акажам ім адпаведную падтрымку, — цытуе БЕЛТА  Лукашэнку. — Мы таксама дамовіліся, што выпрацуем канкрэтны механізм прыезду людзей для работы ў Беларусі. Нам яны будуць вельмі патрэбны».

«Мы таксама дамовіліся з маім сябрам прэм'ер-міністрам Пакістана, што ў бліжэйшы час будуць накіраваны спецыялісты розных галін. Тых галін, з якіх мы папросім. І кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей. Няхай гэта будзе 100 тысяч, можа быць, 120-15 тысяч. Мы гатовы прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы», — заявіў Лукашэнка.

Таксама было абмеркава адкрыццё прамога рэйса паміж Ісламабадам і Мінскам.

«Калі мы аператыўна створым паветраны мост паміж Ісламабадам і Мінскам і падтрымаем паветраныя зносіны, то, я ўпэўнены, што мы вельмі сур'ёзна рушым наперад у гэтым напрамку. Тым больш калі мы будзем прыцягваць працоўныя рэсурсы з Пакістана ў Беларусь (а гэта будзе), для людзей патрэбны хуткія паветраныя зносіны. Мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць і прайсці свой шлях», — сказаў Лукашэнка.

У Беларусі некалькі гадоў запар назіраецца дэфіцыт рабочай сілы, асабліва гэтая праблема няпростая ў сферы медыцыны, адукацыі. На 1 лютага, паводле афіцыйных дадзеных, у краіне наймальнікам патрабаваліся 184,5 тыс. чалавек (у студзені было зафіксавана, што не хапае 161,3 тыс. работнікаў). 

Беларусь і Пакістан таксама падпісалі пагадненні аб ваенным супрацоўніцтве і аб рэадмісіі

вх