Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі завёў 44 крымінальныя справы за фінансаванне «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці», пра гэта на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведаміў старшыня КДК Васіль Герасімаў.
Старшыня КДК заявіў, што «асноўныя намаганні ў сферы спынення каналаў фінансавання экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці былі сканцэнтраваны на аналізе абароту крыптавалютаў і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сістэм і сацсетак», паведамляе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
Паводле яго, у 2024 годзе органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю былі выяўленыя 2,7 тысячы крыптавалютных трансакцый, звязаных з фінансаваннем «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці». Узбуджаны 44 крымінальныя справы.
Таксама, паводле КДК, ва ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнай бяспекі ўстаноўлены 1 445 грамадзян, якія з выкарыстаннем плацежнага сэрвісу сацыяльнай сеткі Facebook пералічвалі грашовыя сродкі на карысць «экстрэмісцкіх фармаванняў». Акрамя таго, у 2024 годзе выяўлены 34 злачынствы эканамічнага характару, учыненыя датычнымі да «дэструктыўнай дзейнасці» грамадзянамі.
аз