Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), прыхільны афіцыйнаму Мінску, абнавіў макраэканамічны прагноз для краін — удзельніц банка. Ацэнка росту беларускай эканомікі ў бягучым годзе была паніжаная ў параўнанні з чэрвеньскім прагнозам. Таксама зніжаны прагноз на 2026 год, — паведамляе reform.news.
Паводле абноўленага прагнозу ЕАБР, у 2025 годзе эканоміка Беларусі вырасце на 1,8%. У чэрвені аналітыкі банка ацэньвалі рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у гэтым годзе на ўзроўні 3%.
Прагноз росту ВУП Беларусі на 2026 год складае 1,8%, што на 0,1 працэнтнага пункта менш за чэрвеньскую ацэнку ЕАБР. У той жа час прагноз на 2027 год павышаны на 0,5 працэнтнага пункта — да 2%.
Варта адзначыць, што прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаны ўказам Аляксандра Лукашэнкі, прадугледжваў рост ВУП у 2025 годзе на 4,1%. Аднак фактычна за 11 месяцаў года ён павялічыўся толькі на 1,3%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на наступны год — рост ВУП на 2,8%.
эж