Авіякампанія „Белавія” 15 ліпеня адкрыла рэгулярны рэйс па маршруце Мінск - Мюнхен - Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Палёты будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях з вылетам з Мінска ў 12:30 і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Мюнхен імя Франца-Ёзефа Штрауса ў 13:35.
Рэйс назад з Мюнхена будзе вылятаць у 14:15 па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях, прылёт у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 17:15. Час для ўсіх аэрапортаў пазначаны мясцовы.
Палёты будуць ажыццяўляцца на паветраных суднах Embraer-175 умяшчальнасцю 76 месцаў. Час у дарозе складзе амаль дзве гадзіны.
Кошт авіябілетаў у адзін бок складзе ад 115 еўра і ад 255 еўра - туды-назад, уключаючы таксы і зборы. Білеты даступны на сайце перавозчыка.
Міжнародны аэрапорт Мюнхен стаў чацвёртым аэрапортам па нямецкім напрамку ў маршрутнай сетцы „Белавія”. Цяпер беларускі перавозчык выконвае рэгулярныя рэйсы ў аэрапорты Берліна, Франкфурта, Гановера.
Паводле слоў генеральнага дырэктара „Белавія” Анатоля Гусарава, бакі спадзяюцца, што адкрыццё рэйса ў Мюнхен будзе садзейнічаць развіццю дзелавых кантактаў, міжкультурнаму дыялогу, а таксама ўмацаванню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Германіяй.
Акрамя таго, гэта дасць магчымасць павелічэння транзіту з Еўропы праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, што ў сваю чаргу дазволіць аптымізаваць цэны на білеты, зрабіўшы іх больш прымальнымі.
аз