У Беларусі ў год адбываецца да пяці суіцыдаў сярод ваеннаслужачых, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў на пасяджэнні круглага стала „Прызыў восень-2019 па новым законе — чаму скарочаныя адтэрміноўкі”, які прайшоў у Мінску, паведамляе БелаПАН.
„У 1995 годзе было 102 загінулых і 42 самагубствы. Для нас гэта не статыстыка, а трагедыя. Як і трагедыя тое, што ў апошнія гады — тры-пяць суіцыдаў у год”, - сказаў ён.
Пры гэтым, на думку Макарава, верагоднасць загінуць па-за арміяй вышэйшая, чым у перыяд праходжання тэрміновай службы.
Прэс-сакратар Мінабароны негатыўна ўспрыняў крытыку журналістаў у адрас ведамства за тое, што яно неаператыўна паведамляе пра трагедыі ва Узброеных сілах, а інфармацыю даводзіцца атрымліваць з неафіцыйных крыніц.
„Але ёсць сацыяльная адказнасць пры паведамленні пра суіцыд. Адназначна ваеннае ведамства аператыўна інфармуе грамадскасць. Называць прычыны, нешта падрабязна расказваць - гэта будзе верхам подласці ў дачыненні да гэтых людзей і іх сваякоў, — сказаў Макараў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што нестатутныя адносіны ў беларускай арміі спыняюцца. „Нестатутныя ўзаемаадносіны ў выпадку ваенных дзеянняў - гэта гібель падраздзялення, калі яму прыйдзецца выконваць баявыя задачы”, - сказаў прэс-сакратар ведамства.
Як лічыць кансультант галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Андрэй Мурашоў, выпадкі суіцыдаў і нестатутных адносін у арміі нельга замоўчваць, але паведамляць пра іх трэба так, „каб не ствараць напружанасць у грамадстве”.
„Мы не савецкая армія, нічога не замоўчваецца, разбіраемся з кожным выпадкам. Не трэба па адным выпадку агульна даваць ацэнку,” – адзначыў Мурашоў.
аз