Беларуская Служба

Пачаліся пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак

25.09.2019 16:10
Гэта акажа пазітыўны ўплыў на рынак, улічваючы дэфіцыт дызпаліва ва Украіне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

Група «Нафтагаз» упершыню імпартавала з Беларусі партыю нафтапрадуктаў для продажу на ўкраінскім рынку, паведамляе сайт naviny.by.

«У верасні мы паставім на ўкраінскі рынак 30 тыс. тон дызельнага паліва вытворчасці Мазырскага НПЗ. Прададзім яго разам з палівам ўласнай вытворчасці. У далейшым плануем актыўна развіваць дадзены кірунак, бо пытанні рэсурснага напаўнення рынку Украіны і дыверсіфікацыі крыніц паставак вельмі актуальныя», - адзначыў кіраўнік дывізіёна «Нафта» групы «Нафтагаз» Мікалай Гаўрыленка.

«За кошт рэалізацыі імпартнага дызпаліва група «Нафтагаз» павялічыць продаж гэтай прадукцыі ў верасні больш, чым у два разы, - адзначае ўкраінская кампанія. - Гэта акажа пазітыўны ўплыў на рынак, улічваючы дэфіцыт дызпаліва ва Украіне ў верасні-кастрычніку».

«Нафтагаз», па інфармацыі кампаніі, вырабляе да 10 тыс. тон дызельнага паліва ў месяц. Пры гэтым уласнае спажыванне прадпрыемстваў групы складае каля паловы гэтага аб'ёму.

Раней група «Нафтагаз» імпартавала выключна прадукты для перапрацоўкі на ўласных магутнасцях, падкрэсліваецца ў паведамленні кампаніі.

Як паведамлялася, ТАА «Газапастаўляючая кампанія «Нафтагаз Украіны», якая ўваходзіць у групу «Нафтагаз», пачала імпарт электраэнергіі з Беларусі і яе продаж на ўкраінскім рынку. Першыя імпартаваныя аб'ёмы кампанія ўжо рэалізавала на рынку.