Беларуская Служба

Канапацкая сцвярджае, што сабрала ўсе подпісы для вылучэння кандыдатам у дэпутаты

26.09.2019 08:12
Бальшыню подпісаў сабралі на пікетах. А вось абход кватэр не даў вялікага плёну, кажа Канапацкая.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

Апазіцыйная дэпутатка дзейнай Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая збіраецца балатавацца і ў наступны склад парламенту, паведаміла Свабодзе, што яе ініцыятыўная група сабрала тысячу подпісаў выбарнікаў.

«Гэта не стала вялікай праблемай. Я збіраюся ісці па той жа акрузе, якую прадстаўляю і цяпер. Людзі да мяне добра ставяцца, яны чулі пра мае ініцыятывы (артыкул 328, Зямельны кодэкс ды іншае), ведаюць, што кожны чацвер могуць трапіць на дэпутацкі прыём непасрэдна ў акрузе. А для мяне гэта вельмі важна як сродак зносінаў з людзьмі».

Бальшыню подпісаў сабралі на пікетах. А вось абход кватэр не даў вялікага плёну. Чамусьці шмат якія дзверы не адчыняліся, кажа Канапацкая.

Яна дадала, што ў бліжэйшую нядзелю адбудзецца з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якім будуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Канапацкая, у якой даволі складаныя адносіны з некаторымі кіраўнікамі АГП, кажа, што хоча, каб аднапартыйцы вылучылі і яе.

Беларускае заканадаўства дазваляе вылучацца кандыдатамі ў Палату прадстаўнікоў трыма спосабамі: праз збор подпісаў выбарнікаў (не менш за адну тысячу), ад працоўных калектываў (не менш за 300 чалавек) і ад палітычных партый (афіцыйна зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі).

аз