Беларуская Служба

У Курапатах лясгас высаджвае кусты і дрэвы

03.10.2019 11:02
Актывісты асцерагаюцца, што расліны закрыюць крыжы.
Аўдыё

Засаджаванне кустоў. Засаджаванне кустоў.

Днём 2 кастрычніка ў Курапатах сталі высаджваць дрэвы і кусты. Грамадскія актывісты асцерагаюцца, што яны закрыюць крыжы, устаноўленыя на тэрыторыі ўрочышча, піша tut.by.

Відэа і фатаграфіі з Курапатаў апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетках сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, актыўны ўдзельнік варты каля рэстарана «Паедзем, паядзім».

Кусты высаджвалі ў сераду на тэрыторыі мемарыяла «Курапаты» ад цэнтральнага ўваходу да крыжовай алеі.

- Сёння садзілі кусты, яны высокія, каля двух метраў. Калі ідзеш па дарожцы, Крыж пакуты ледзь відаць. Пэўна, метраў 100 засадзілі, – распавёў TUT.BY Севярынец.

Работы выконвае Бараўлянскі спецлясгас. Атрымаць аператыўны каментар у гэтай арганізацыі не ўдалося.

Па словах Паўла, на месцы прысутнічалі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук:

- Мы бачым, што гэта толькі пачатак працы. Парадка 400 ямаў зроблена ўздоўж Курапатаў з боку Кальцавая дарогі, ямы ў чатыры шэрагі.

Курапаты – месца ў Мінску, дзе ў 1930-40-х забівалі людзей. Дакладна вядома, што тут ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. З 1993 года гэтае месца – гісторыка-культурная каштоўнасць першай катэгорыі.

ав