Беларуская Служба

Макей анансаваў хуткі «нармальны паўнавартасны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз»

07.10.2019 13:29
«Візіт дзеля візіту – не самамэта, мы павінны рыхтаваць візіт, каб атрымаць канкрэтныя вынікі для Беларусі і краіны-партнёра», - заявіў Макей.
Prezydent Białorusi Aleksander Łukaszenka
Prezydent Białorusi Aleksander ŁukaszenkaWikimedia

У гэтым годзе адбудзецца «нармальны паўнавартасны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз», заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей журналістам пасля адкрыцця форуму «Мінскі дыялог».

Адказваючы на пытанне журналістаў, калі Аляксандр Лукашэнка наведае Еўрасаюз, Уладзімір Макей заявіў, што ў бліжэйшы час усё пра гэта даведаюцца.

- Прыйдзе час і з'ездзіць. Праз некаторы час вы даведаецеся пра гэта.

- У бліжэйшы час адбудзецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз? – удакладнілі журналісты.

- Праз некаторы час. Я спадзяюся, у гэтым годзе мы здзейснім нармальны, паўнавартасны візіт, у тым ліку на прастору Еўрапейскага звязу, – сказаў Макей.

Кіраўнік МЗС зноў паўтарыў тое, што афіцыйны Менск гаварыў не раз: візіт не павінен быць дзеля візіту.

- Візіт можа быць здзейснены, і гэта наш прынцыповы падыход, калі мы чакаем канкрэтных важных вынікаў ад гэтага візіту ў плане эканамічнага, гуманітарнага і іншага супрацоўніцтва. Таму візіт дзеля візіту – не самамэта, мы павінны рыхтаваць візіт, каб атрымаць канкрэтныя вынікі для Беларусі і краіны-партнёра.

На ўдакладняючае пытанне журналістаў, ці магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз звязаны з падпісаннем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, кіраўнік МЗС філасофскі адзначыў, што «ўсё ў свеце ўзаемазвязана».

tut.by/ав