Беларуская Служба

Удзельнікам «Мінскага дыялогу» расказалі пра палітвязняў і небяспеку БелАЭС

07.10.2019 15:29
У Мінску, дзе праходзіць міжнародная канферэнцыя «Мінскі дыялог», актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» зладзілі перадвыбарчы пікет.
 .
Удзельнікі пікету.Фота: belsat.eu

У Мінску ля гатэлю «Marriott», дзе 7 кастрычніка праходзіць міжнародная канферэнцыя «Мінскі дыялог», актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» зладзілі перадвыбарчы пікет, падчас якога распавядалі ўдзельнікам канферэнцыі аб праблемах з дэмакратыяй у Беларусі, перадае карэспандэнт belsat.eu.

«На канферэнцыі шмат еўрапейскіх чыноўнікаў, дыпламатаў. І мы хочам нагадаць пра тыя праблемы, якія ёсць у краіне. Пра наяўнасць палітвязняў. Пра тое, што будуецца небяспечная для ўсяго рэгіёну атамная электрастанцыя. Пра тое, што ў нас фальсіфікуюцца выбары і адсутнічае магчымасць легальнай змены ўлады», – расказаў у каментары belsat.eu удзельнік пікету Яўген Афнагель.

У такіх умовах, паводле яго, прыязджаць еўрапейскім чыноўнікам у Беларусь і паціскаць руку Аляксандру Лукашэнку, якога падазраюць у выкраданнях і забойствах палітычных апанентаў, нельга.

Яўген Афнагель адзначыў, што ўдзельнікі канферэнцыі падыходзяць да пікету, задаюць пытанні, але гэты не адбываецца масава. Тым не менш, заявіў ён, пікет стаіць проста насупраць вокнаў канферэнц-залы, і яе наведнікі могуць яго бачыць і назіраць за тым, што адбываецца на вуліцы.

ав