Наконт Беларускай АЭС у Астраўцы Літва павінна ўзаемадзейнічаць з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) і Беларуссю, а ЗША не будуць умешвацца ў перагаворы па гэтым пытанні, заявіў міністр энергетыкі ЗША Рык Перы, які знаходзіцца з візітам у Вільнюсе. Паведамляе БелТА са спасылкай на „Литовский курьер” і агенцтва BNS.
„Ёсць МАГАТЭ, і роля гэтага агенцтва - забяспечыць, каб такія аб'екты адпавядалі міжнародным стандартам. Таму я рэкамендаваў бы літоўскім лідарам звярнуць на гэта ўвагу”, - сказаў Рык Перы.
Ён дадаў, што ўсе хочуць бачыць бяспечную і эканамічную праграму атамнай энергетыкі ў розных краінах свету.
У сваю чаргу намеснік міністра энергетыкі ЗША Рыта Барануал заявіла BNS, што ЗША заклікаюць Літву і Беларусь падтрымліваць дыялог. „ЗША заклікаюць Літву і Беларусь прадаўжаць узаемадзеянне і захоўваць празрыстасць. Я сказала б, што рэактары ВВЭР, падобныя да тых, што ўстанаўліваюцца на БелАЭС, бяспечна працуюць у свеце. У будучым паліва часткова маглі б пастаўляць і амерыканскія пастаўшчыкі. Гэта ўжо робіцца на некаторых электрастанцыях у свеце”, - адзначыла яна.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў канцы 2019 года, другі - у 2020-м.
аз