„Нас не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам дасягнуў мяжы”, - заявіў Аляксандр Лукашэнка на форуме „Мінскага дыялогу” „Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані” 8 кастрычніка ў Мінску, паведамляе БелаПАН.
„Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жахлівую ў сваім праўдападабенстве карціну, - сказаў ён. - Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны”.
Паводле яго, пасля нядаўняга выхаду з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці двух ключавых яго ўдзельнікаў - ЗША і Расіі – „працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую”.
„Апошні рубеж — дагавор па стратэгічных наступальных узбраеннях 2010 года. Калі бакі не дамовяцца аб яго працягу, усяго праз два гады (у 2021 годзе) свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца. Чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да рысы, за якой — бездань", - сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў большасці дзяржаў ёсць падставы ставіцца адзін да аднаго з недаверам. „Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць узаемныя падазрэнні і асцярогі на доўгія гады наперад, - сказаў Лукашэнка. - У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцяў Хельсінкскага заключнага пакта і Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Нам усім тэрмінова патрэбная моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і „ястрабаў”, што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе сумяшчальныя”.
Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці быў падпісаны ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.
20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дагавора з-за яго невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачванні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб'ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.
У снежні 2018 года ЗША аб'явілі, што выйдуць з дамовы, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яе выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў пра прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дамовы, які заняў паўгода.
аз