Рыторыка ўладаў па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі крыху змянілася, але сістэмных змен у гэтай галіне не назіраецца. Такую думку выказаў БелаПАН каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда ў каментары з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
Ён адзначыў, што пра некаторыя зрухі ў пазіцыі дзяржавы можна меркаваць па публічных выступленнях чыноўнікаў. Паводле Палуды, прадстаўнікі ўлады ўсё часцей гавораць аб тым, што асабіста яны выступаюць супраць смяротнага пакарання і што Беларусь паступова ідзе да яго адмены, але пры гэтым па-ранейшаму спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, калі большасць грамадзян выказалася за захаванне вышэйшай меры пакарання.
„Пакуль што няма ніякіх канкрэтных дзеянняў, і казаць пра тое, што адбыліся нейкія сістэмныя змены па праблеме смяротнага пакарання, нам не выпадае”, — канстатаваў ён.
Ідэю адмовы ад прымянення смяротнага пакарання прасоўвае на ўзроўні парламента дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. У сярэдзіне ліпеня яна накіравала законапраект „Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары” для ацэнкі ў міністэрствы юстыцыі і ўнутраных спраў. Месяцам пазней Анісім разаслала праект закона з абгрунтаваннем яго прыняцця для азнаямлення ў органы суда, пракуратуры і бяспекі. Да заканчэння тэрміну сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў Анісім спадзяецца сфарміраваць у Палаце прадстаўнікоў рабочую групу па працы над гэтым законапраектам.
Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў краіне пакаралі смерцю двух чалавек, яшчэ двое чакаюць выканання смяротнага прысуду.
Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання Еўрасаюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь „адмяніць смяротнае пакаранне і далучыцца да супольнасці нацый, якія вырашылі замяніць помсту чалавечай годнасцю”.
аз