Дакладчыкам па візавых пытаннях з Беларуссю ў Еўрапарламенце стаў былы мэр Рыгі. Ніл Ушакоў заявіў, што падчас візіту ў Мінск на пасадзе мэра Рыгі, казаў пра тое, што ў ідэале Еўрасаюз павінен ісці да бязвізавага рэжыму з Беларуссю, нагадала „Наша Ніва” са спасылкай на тэлеканал АНТ.
„Ясна, што рэжым трэба максімальна спрашчаць. Гэта патрабуе вялікай бюракратычнай і юрыдычнай работы. Гэта не толькі захацелі - і атрымалася. Многія патрабаванні трэба выканаць. Але мая перакананасць, што рэжым павінен быць бязвізавы. Я гэта падтрымліваю на ўзроўні Еўрапарламента ва ўсіх магчымых вымярэннях. Буду прыкладаць усе намаганні, каб пабольш калегаў прагаласавалі „за”. Разлічваю на тое, што падтрымаюць”, - заявіў Ушакоў.
Дакладную дату галасавання па беларускім візавым пытанні ў апараце Еўрапарламента пакуль не называюць, аднак бакі зыходзяць з таго, што скончыць усе фармальнасці неабходна да канца 2019 года. Пасля ўступіць у сілу новы візавы кодэкс ЕС, які для краін, што не маюць пагаднення, пацягне за сабой падаражэнне шэнгена да 80 еўра.
Пагадненне ж наадварот зніжае цану да 35 еўра і дае заяўнікам магчымасць атрымліваць візы і хутчэй, і прасцей.
аз