Беларуская Служба

Лукашэнка выказаўся наконт смяротнага пакарання

13.11.2019 08:14
„Нічога з таго часу, як пытанне было вырашана на рэферэндуме, не змянілася”, - кіраўнік Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка PAP/EPA/CHRISTIAN BRUNA

На сустрэчы з журналістамі ў Вене Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб магчымасці адмены ў Беларусі смяротнага пакарання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

„Адказваючы прама на ваша пытанне: рэферэндум вырашыў гэту праблему. Толькі рэферэндум можа яго адмяніць. Мы ў гэтым напрамку рухаемся”, - сказаў кіраўнік дзяржавы.

„Нічога з таго часу, як пытанне было вырашана на рэферэндуме, не змянілася. Ці варта гэта пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ. Думаю, не варта”, - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ЕС ад Беларусі патрабуе ўжо адмены смяротнага пакарання. Ён задаў рытарычнае пытанне ўзняўшай гэту тэму аўстрыйскай журналістцы, якое меркаванне грамадзян гэтай краіны наконт смяротнага пакарання.

„Не ведаеце... У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі, з аднаго боку, - заўважыў ён. - Каб вось так патрабаваць ад некага, разважаць на гэту тэму, трэба ведаць, што ў цябе думае грамадства па гэтым пытанні”.

Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў прыклад, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя адносіны з ЗША, Кітаем. „Пры сустрэчах з імі вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Няхай гэта будзе таксама рытарычным пытаннем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

аз