Беларуская Служба

Міністр У. Макей расказаў, як у Беларусі ставяцца да сітуацыі ва Украіне

13.11.2019 15:26
.   2018
У. Макей у 2018 годзефота: Alexandros Michailidis / Shutterstock.com

У Беларусі "вельмі добрыя" адносіны з Расіяй. "І мы хацелі б умацоўваць іх і ў будучыні, але гэта не азначае, што мы павінны глядзець толькі на Расію", — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю нямецкай газеце Sueddeutsche Zeitung (пераклад апублікаваны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства) - піша БелаПАН.

Прынцып знешняй палітыкі Мінска ён сфармуляваў так: "Роўныя адносіны на ўсіх напрамках, магчыма, крыху больш у дачыненні да Расіі. Мы не хочам паўтараць памылак Украіны. І жадаем улічыць усе небяспекі на шляху да больш цеснага супрацоўніцтва з ЕС. Асцярожнасць ляжыць у менталітэце беларусаў. Мы хочам быць краінай, якая спрыяе стабільнасці, а не турбулентнасці".

"Мы разумеем, скажам так, логіку ўкраінскага кіраўніцтва. Але павінен шчыра сказаць, што сітуацыя ва Украіне сёння для нас з'яўляецца негатыўным прыкладам. У гэтым, на мой погляд, ёсць таксама віна ЕС, які ў мінулым спрабаваў як мага хутчэй прывязаць да сябе Украіну. Я разумею імкненне Украіны быць бліжэй да Еўропы. Але мы не хочам дзейнічаць у іх логіцы", — заявіў Макей.

Паводле слоў дыпламата, важна ўсё, што збліжае Беларусь і ЕС. "Аблягчэнне візавага рэжыму і заключэнне пагаднення аб рэадмісіі з'яўляюцца для нас выключна важнымі. Цікавасць беларусаў пазнаёміцца з Еўропай велізарная. І для нас мае істотную розніцу, будзе віза каштаваць 80 або 35 еўра. Рост інтэнсіўнасці абменаў вельмі важны для развіцця нашай грамадзянскай супольнасці. Калі студэнты, навукоўцы, прадпрымальнікі ўсё больш і больш будуць уцягнутыя ў кантакты", — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

нг