Першыя два шматфункцыянальныя знішчальнікі Су-30см з запланаваных да закупкі 12 прыбылі 13 лістапада з РФ на аэрадром у Баранавічах. Аб гэтым паведамляе сайт naviny.by.
Як адзначылі ў Мінабароны, «самалёты значна павысяць баявы патэнцыял Узброеных сіл, павялічаць магчымасці па прыкрыцці войскаў і аб'ектаў ад удараў сродкаў паветранага нападу, патруляванні паветранай прасторы, выяўленні і знішчэнні паветраных і наземных аб’ектаў, вырашэнні задач баявога дзяжурства».
У абаронным ведамстве самалёты назвалі «магутнай зброяй для забеспячэння ваеннай бяспекі».
Пра намер Узброеных сіл Беларусі прыняць у гэтым годзе першую партыю знішчальнікаў Су-30см было заяўлена 30 студзеня гэтага года падчас наведвання міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу Іркуцкага авіяцыйнага заводу.
Паводле інфармацыі прэс-службы навукова-вытворчай карпарацыі «Іркут», кіраўнік расійскага абароннага ведамства ў той дзень знаёміўся з ходам вытворчасці шматмэтавых знішчальнікаў Су-30см для краін – удзельніц Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.
нг