У маі гэтую кнігу ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам», а зараз самога Бахарэвіча ўнеслі ў спіс пісьменнікаў, кнігі якіх неабходна зняць са шольных бібліятэк.
У рамане дзяржаўная экспертыза нібыта вынайшла «распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варажнечы», а таксама «заклікі да масавых беспарадкаў дзеля незаконнага захопу ўлады».
Насамрэч, кніга з’яўляецца антыўтопіяй, у якой сярод іншага расказваецца пра 2049 год на тэрыторыі Беларусі, краіны, якая страціла незалежнасць і цалкам знаходзіцца пад уладай Расіі, без надзеі на адраджэнне.
Акурат гэтай тэме прысвячаюць свой спектакль «Купалаўцы». «Быць беларусам — гэта не мець свайго месца ў свеце. Або інакш: быць беларусам — гэта ўсюды адчуваць сябе чужым, іншым. Магчыма, што і Чужаніцай, і Іншым. Ці так можна жыць? Ды так па-сутнасці мы і жывём», — гаворыцца ў анонсе.
Паставіў спектакль рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які раней працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драатургіі.
Спектакль будзе паказаны 19 чэрвеня ў польскім Любліне (у Тэатры імя Юльюша Астэрвы).
Раней па рамане Бахарэвіча спектакль ставіў «Свабодны тэатр» — інсцэніроўку рамана зрабілі рэжысёр Мікалай Халезін і драматург Марыя Бяльковіч. У іх версіі большая частка спектакля прысвечаная падзеям рамана ў Берліне, дзе знаходзяць паэта, які памёр, а ў мінулым пісаў вершы на незнаёмай усім мове.
Паводле Наша Ніва/яс