Беларуская Служба

19 гадоў таму памёр Васіль Быкаў. Беларусь страціла «сумленне нацыі»

22.06.2022 11:03
Падчас станаўлення незалежнай Беларусі Васіль Быкаў стаў маральным лідарам нацыянальнага адраджэння. 
Магіла Васіля Быкава на Усходніх могілках у Мінску Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд

19 гадоў таму памёр Васіль Быкаў. Беларусь страціла «сумленне нацыі»

Увечары 22 чэрвеня 2003 года ў анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах, пад Менскам памёр народны пісьменнік Беларусі Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Яму было 79 гадоў.

Творчасць Васіля Быкава пераважна прысвечаная экзістэнцыяльнаму выбару чалавека. Галоўныя героі аповесцяў Быкава трапляюць у невыносныя ўмовы існавання, выкліканыя ліхам Другой Сусветнай Вайны.

Да нядаўняга часу, менавіта аповесці Васіля Быкава, сярод усіх беларускіх пісьменнікаў, мелі самыя шматлікія пераклады на замежныя мовы. Сенсацыйную папулярнасць на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюзу здабылі такія творы пісьменніка, як «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», «Знак бяды».

Проза Васіля Быкава кардынальна супярэчыла прынятым у савецкай літаратуры канонам творчага адлюстравання Вялікай Айчынай Вайны. Пісьменнік выкрываў сапраўдную жудасць становішча чалавека, змушанага вайною ажыццяўляць безальтэрнатыўны і згубны выбар. Праз сваё нежаданне ствараць вывераныя вобразы савецкіх герояў, Васіль Быкаў дазнаваў ідэалагічнага пераследу з боку ўладу.

Падчас станаўлення незалежнай Беларусі Васіль Быкаў стаў маральным лідарам нацыянальнага адраджэння. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пісьменнік фактычна быў змушаны да эміграцыі.

эж