У сталіцы Нарвегіі Осла адбылася цырымонія ўручэння Нобелеўскіх прэмій міру. Наталля Пінчук атрымала залаты медаль і дыплом лаўрэата прэміі за свайго мужа Алеся Бяляцкага.
Бяляцкі – адзіны лаўрэат, які не можа атрымаць прэмію асабіста і выступіць з прамовай. З 2021 года ён знаходзіцца ў турме па надуманых абвінавачаннях. У 1990-я гады праваабаронца заснаваў рух «Вясна», які дапамагае ахвярам рэжыму Лукашэнкі і дакументуе злачынствы рэпрэсіўных органаў.
Падчас сваёй прамовы Наталля Пінчук зачытала зварот Алеся Бяляцкага:
«Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. У Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія – узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне. А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх – «Не бойцеся!». Гэта тое, што сказаў папа Ян Павел ІІ, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю – пасля зімы наступае вясна».