Беларуская Служба

Улады хочуць ліквідаваць яшчэ адну партыю

04.09.2023 11:06
На дадзены момант толькі тры палітычныя партыі прайшлі перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі і ўсе яны праўладныя.
   .
Будынак Вярхоўнага суда Беларусі.Фота: TUT.BY

У Беларусі маюць намер ліквідаваць яшчэ адну палітычную партыю. На 4 верасня ў Вярхоўным судзе прызначанае паседжанне па зыску Мінюста да «Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі». Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце гэтага суда.

Прадмет спрэчкі – аб ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў. Іншыя падрабязнасці не паведамляюцца.

Раней паведамлялася, што на верасень таксама запланавана слуханне па справе аб ліквідацыі апазіцыйнай Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (былая Партыя камуністаў).

Нагадаем, заканадаўства аб палітычных партыях змянілі ў Беларусі ў лютым. Папраўкі былі складзены так, каб максімальна ўскладніць рэгістрацыю партыяў. Мінімальная колькасць была павялічана з 1 да 5 тысяч членаў, уведзены абавязак мець структуры ва ўсіх абласцях і Мінску і іншыя больш жорсткія нормы.

Аднак галоўнае ў тым, што ўсе партыі Беларусі абавязалі прайсці перарэгістрацыю па новым законе цягам трох месяцаў. Выканаць усе патрабаванні для многіх з іх у бягучых умовах немагчыма, і сам працэс перарэгістрацыі дае Мінюсту шырокія магчымасці адмаўляць партыям, пасля чаго яны ліквідуюцца. Такім чынам, новы закон стаў «забойцам» існуючых апазіцыйных партый.

На дадзены момант толькі тры палітычныя партыі прайшлі перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі і ўсе яны праўладныя: гэта Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама рэгістрацыю атрымала новая праўладная партыя «Белая Русь». Такім чынам, у беларускім палітычным полі, верагодна, застануцца толькі чатыры партыі – менавіта такую колькасць прагназаваў міністр юстыцыі.

А вось апазіцыйныя партыі масава ліквідуюцца па іску Мінюста – гэта ўжо адбылося з партыяй «Зялёныя», Рэспубліканскай партыяй, партыяй «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды, Партыяй БНФ, Абʼяднанай грамадзянскай партыяй (АГП).

Ініцыятарам зменаў стаў Лукашэнка, які яшчэ ў красавіку 2022 года заявіў аб «маючай адбыцца вялікай працы ў партыйным будаўніцтве і навядзенні парадку ў грамадскіх абʼяднаннях» і запатрабаваў перапісаць заканадаўства. А ў снежні заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі».

zerkalo.io / вх