Беларуская Служба

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвяшчаюць пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі дэпутатаў

21.11.2023 14:10
Тэрмін «выбары*» ў дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна.
.
.Фота: Праваабаронцы за свабодныя выбары

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвяшчае пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, што пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з 2008 года аб'ядноўвае намаганні найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі – Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага Хельсінкскага камітэта, для назірання за выкананнем выбарчых правоў грамадзян Беларусі.

Для мэтаў гэтай заявы ды іншых дакументаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» тэрмін «выбары*» у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

Праваабаронцы адзначаюць, што не бачаць магчымасці арганізаваць, як раней, поўнамаштабнае назіранне за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Гэта вымушаная мера, абумоўленая, у першую чаргу, клопатам за бяспеку назіральнікаў.

Таму яны абʼявілі аб запуску экспертнай місіі, мэтай якой будзе ацэнка адпаведнасці выбарчай кампаніі–2024 міжнародным стандартам, што тычацца правядзення сапраўдных, свабодных і дэмакратычных выбараў, і інфармаванне нацыянальнай і міжнароднай грамадскасці аб сваіх высновах.

Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі. Сайт кампаніі і форма збору інфармацыі ў хуткім часе стануць дасяжныя для карыстальнікаў.

ав/Вясна

Карпенка заявіў, што спісы сябраў выбарчых камісій публікаваць не стануць

21.11.2023 12:03
Але ананімнымі яны не будуць.