У спецслужбах Літвы лічаць, што спецслужбы Беларусі ўзмацнілі сваю працу ў іх краіне.
«Мы бачым актывізацыю дзейнасці КДБ Беларусі, якая фактычна дасягнула гістарычных вышынь, такой інтэнсіўнай яна не была ніколі», – заявіў у інтэрв’ю радыё LRT, кіраўнік Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс.
Паводле яго, дзейнасць некаторых беларусаў у Літве выклікае пэўныя пытанні.
«Акрамя таго, не будзем забываць, што ў нас вельмі вялікая беларуская дыяспара, жыхары, якія прыязджаюць сюды і, па сутнасці, уздымаюць пэўныя контрвыведныя пытанні», – сказаў Яўнішкіс.
Таксама ён адзначыў павелічэнне распаўсюду расійскай прапаганды ў Літве.
Па словах кіраўніка Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы, у яго няма звестак пра тое, што службы недружалюбных краін спрабуюць завербаваць дзяржаўных чыноўнікаў, палітыкаў. Але калі такія спробы будуць, літоўскія спецслужбы будуць выяўляць і прадухіляць пагрозы.
Акрамя таго, стала вядома, што Дэпартамэнт дзяржаўнай бяспекі на просьбу Міністэрства ўнутраных спраў Літвы праверыць 761 чалавека, якія за апошнія 30 гадоў атрымалі літоўскае грамадзянства ў парадку выключэння, паведамляе «Свабода».
аз